АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Русы, калі Лукашэнка збірае начальнікаў, усё галавою махае»

«Русы, калі Лукашэнка збірае начальнікаў, усё галавою махае»
06.07.2018
2018-ы абвешчаны ў Беларусі годам малой радзімы. Як гібее родная вёска віцэ-прэм’ера.
Паўзь невялікую вёсачку Вароніна, што ў Жыткавіцкім раёне, імчаць машыны. Адны сьпяшаюцца па шашы ў Тураў, іншыя ў адваротны бок — у Альшаны, Давыд-Гарадок.


Вароніна — малая радзіма віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, які да гэтага быў двойчы міністрам сельскай гаспадаркі, міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама старшынём пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па аграрных пытаньнях і чарнобыльскіх праблемах.

У вёсцы каля паўсотні сядзібаў на дзьвюх вуліцах: Беларускай і Сялянскай.


77-гадовая былая загадчыца фэрмы і школьная буфэтчыца Ніна Бобрык, з чыёй хаты і пачынаецца вёска, добра памятае Русага:

Міхаіл быў такі высокі кучаравы хлопец, ціхі, негаваркі. Яны ж усе, хлопцы і дзяўчаткі, хадзілі паўз маю хату вучыцца ў суседнюю Верасьніцу. У нас была толькі пачатковая школа, але яе закрылі. Зрабілі са школы клюб, і клюба ня стала — разваліўся, бяз даху стаіць.

Тут быў вясковы клюб
Кабета часьцяком бачыць свайго знанага земляка па тэлевізары і дзіву даецца: «Ён, калі Лукашэнка зьбірае начальнікаў, усё галавою махае. Свайго не прыклаў, а ўсё махае».

Люстэрка непэрспэктыўных паселішчаў

У вёсцы дагэтуль захавалася бацькоўская хата віцэ-прэм’ера Русага. Яна на вуліцы Сялянскай, па правы бок ад Беларускай.

Напярэдадні ў Вароніне прайшоў доўгачаканы дождж, і машына плюхаецца ў лужыну, выграбаючы коламі на тупчэйшы кавалак вуліцы.

Тутэйшыя кіроўцы тлумачаць, што вясною і восеньню на Сялянскую вуліцу наагул складана заехаць — настолькі яна моцна раскісае. Зрэшты, правы рог Сялянскай — як добрая ілюстрацыя таго, што адбываецца зь беларускімі вёскамі, калі яны выпалі з сыстэмы дзяржаўных аграпрамысловых каардынат і аднесеныя да непэрспэктыўных. Стаўленьне да іх — як да нечага другаснага, пабочнага.

Каля паловы хатаў у «віцэ-прэм’ерскім» канцы вуліцы гібеюць без гаспадароў. Дзікі хмель і пустазельле апанавалі вясковыя двары. Нешта падобнае даводзілася бачыць хіба ў чарнобыльскай зоне.

Бацькоўскую хату Русага выкупіў Нацыянальны парк

Бацькоўская хата Міхаіла Русага чацьвёртая ад канца. Некалі дыхтоўная пяцісьценка з ладнага бярвеньня спакваля парахнее. На вэрандачцы некаторыя шыбы выбітыя. Куча сьмецьця перад хатаю, нароcьцеж расчыненая дашчаная будка пры сьцяне, што служыла некалі сховішчам для газавага балёна.

Бацькоўская хата Міхаіла Русага

— От, калі хочаце купіць хату, то трэба ў Нацыянальны парк „Прыпяцкі“ зьвяртацца. Выкупіў запаведнік гэтую хату ў Русага, — абмалёўвае сытуацыю суседка бацькоў віцэ-прэм’ера, якая назвалася Валянцінай.

Яна паведаміла, што Міхаіл Русы даўно вывез сваіх бацькоў некуды на Стаўпеччыну. А ў хаце, якую выкупіў Нацыянальны парк, жыла нейкі час маладая сям’я, потым пасяліўся ненадоўга халасьцяк, а цяпер яна наагул пустуе.

— Тут во і дошкі ляжаць у хлеўчуку на перасьціл падлогі, але цяпер яны ўжо нікому не патрэбныя, — дадае суседка.

Побач і насупраць праз вуліцу таксама гібеюць кінутыя хаты.

Спадарыня Валянціна згадвае, што яна і ўсе тутэйшыя вяскоўцы прасілі Міхаіла Русага, калі ён прыяжджаў, паправіць хоць бы сваю вуліцу Сялянскую.

— Ужо й Аляксандар Лукашэнка сказаў: кожнаму міністру, дзе ён нарадзіўся і жыў, трэба хоць што-небудзь зрабіць для роднага паселішча. Русы абяцаў, што дарогу гэтую падсыпле. Але ніхто тое зрабіць не парупіўся, — скрушна распавядае суседка цяперашняга віцэ-прэм’ера.

У канцавым доме па Сялянскай маладая сям’я набудавала парнікоў.

Гаспадар «цэляфанавых шатаў» 36-гадовы вясковец Віталь узімку працуе качагарам у суседняй Верасьніцы. Вясною і ўлетку вырошчвае з жонкаю на продаж агуркі і памідоры. Іначай ня выжыць.

— Вёска наша нікому не патрэбная, яна памірае, — падрахоўвае Віталь. — Ні працы, ні добрай вуліцы, ні клюба, ні школы, ні пошты ў вёсцы няма.

На дадатак расказвае, як тэлефанаваў у Жыткавіцкі раён электрычных сетак, калі заўважыў, што каля хаты нахілілася драўляная частка апоры лініі электраперадачы.

— Мяне «супакоілі», — узгадвае Віталь. — Сказалі: «Упадзе — прыедзем».

Гады тры таму вяскоўцы згуртаваліся ў каапэратыў, каб правесьці ў Вароніна прыродны газ. Магістральная газавая труба з спэцыяльным адводам праходзіць за самымі гародамі.

— Паехалі мы ў Жыткавічы ў міжрайгаз, у райвыканкам, — апавядае Аляксандар, якога вяскоўцы абралі старшынём каапэратыву па газыфікацыі. — Нам адказваюць: няма газаразьмеркавальнай станцыі дзеля паніжэньня ціску ў трубе. Дый ня ўсе аграгарадкі яшчэ газыфікаваныя, а тут яшчэ Вароніна. Так і засталася вёска ні з чым.

Безь зямлі няма працоўнага месца

Эканамічна актыўных жыхароў у Вароніне можна пералічыць на пальцах. 37-гадовы вясковец Іван лічыць, што з дэпрэсіўнага стану вёска можа выйсьці хіба праз добраўпарадкаваньне ды стварэньне працоўных месцаў. Але пра гэта ніхто ня дбае.

Сам Іван, як і большасьць вяскоўцаў, разьбіў на прысядзібным участку ладны парнік і вырошчвае гуркі. Таксама возіць іх да «заходнікаў» — у мястэчка Альшаны Столінскага раёну, агурковую сталіцу палескага краю, дзе іх скупляюць расейскія дылеры.

— Каб мець большы абарот прадукцыі, я б узяў яшчэ гектараў пяць зямлі, — разважае Іван.

У вяскоўца свой невялікі колавы трактар. А вось дзе ўзяць кавалак зямлі, калі яна спрэс перададзена дзяржаўным сельгаспрадпрыемствам, ніхто ў дзяржаве ня кажа.
Кінутыя хаты
Апусьцелыя сядзібы ў цэнтры Вароніна пачалі набываць усё тыя ж «заходнікі» са Століншчыны. Лядашчыя хаты ім, вядома, не патрэбныя. Прывабліваюць пры хатах 30 сотак зямлі. Яны мігам ладзяць на іх парнікі, накрываюць цэляфанавай плёнкаю і засяваюць гуркамі. Гэтую асаблівую беларускую ініцыятыву ўлады, праўдападобна, заўважаць не жадаюць.

Пра акцыі і 500-рублёвую пэнсію

Звыклая сялянская гаспадарка зь яе традыцыйным наборам свойскай жывёлы і птушкі ў Вароніне, на сутнасьці, зьнікла.

— Яшчэ ня так даўно ў вёсцы на прыватных падворках было звыш сямідзесяці кароў. Цяпер засталося толькі дзьве — у дзьвюх удоваў, — кажуць вяскоўцы.

Былая калгасная эканамістка Галіна Санец зжылася са сваёй рагатай карміцелькай за сямнаццаць гадоў. Малаком забясьпечвае сваіх жа аднавяскоўцаў — прадае літар за 80 капеек. Малако мігам разьбіраюць, бо ў краме яно каштуе больш за рубель.

Жыць удаве на адну пэнсію, нават калі гэта 400 рублёў, і ўтрымліваць дыхтоўны дом зусім ня проста.

— Быў раней муж жывы, мы мелі разам дзьве пэнсіі. Было лацьвей, хоць і не шыкавалі. Цяпер толькі за дровы на зіму трэба паўтары пэнсіі аддаць. Я прыкінула: каб пачуваць сябе вальней, пэнсія ў вяскоўца павінна быць сама меней 500 рублёў, — кажа Галіна Кузьмінічна.

Жанчына дзівіцца, якое цяпер дарагое ўсё тое, што патрэбна вяскоўцу дзеля падсобнай гаспадаркі: сена, камбікорм, угнаеньні, электраэнэргія, дровы.

— Мне прывозіць прыватнік шыкоўнае сена з Лунінецкага раёну, дык яно таньнейшае, чым я купляла ў нашым ААТ «Тураўшчына».

Асабліва засмучае Галіну Санец праведзенае акцыянаваньне былых пяці сельгаспрадпрыемстваў тураўскай зоны, у тым ліку і СПК «Перамога», дзе яна была галоўным эканамістам і да якога належала й Вароніна.

— Згрэблі ў сьпешцы ўсе навакольныя гаспадаркі ў акцыянэрнае таварыства, а хто ў ім акцыянэры — невядома. Я сорак гадоў у сельскай гаспадарцы адпрацавала, а ў мяне ніводнай акцыі. Ні ў кога тут няма, — кажа эканамістка.

На пачатку 2000-х Галіна сама займалася дзяльбою на паі асноўных сродкаў вытворчасьці калгаса «Перамога». 70 адсоткаў паю прыпадала на працоўных, 30 — на калгасных пэнсіянэраў. Але рэфармаваньне тады хутка згарнулі, калгасы пераназвалі ў СПК, саўгасы — у КСУПы. На дадатак сталі «прывязваць» адсталыя гаспадаркі да прадпрыемстваў або крыху мацнейшых КСУПаў. На тым рэфармаваньне беларускага аграрнага сэктару і скончылася.

Вясковая спэцыялістка з жалем дадае, што ў Вароніне на жывёлагадоўчым комплексе зачынілі фінскую лазьню і пакой для адпачынку жывёлаводаў. А колішні калгасны лазьнева-пральны камбінат у суседнім Запясоччы, адзіны на ўсю акругу, перарабілі ў царкву.

Вуліца, якой хадзіў у юнацтве Міхаіл Русы

Вясковец Міхаіл заўважае, што цяперашняе акцыянэрнае таварыства нават да надзяленьня мясцовых жыхароў соткамі ставіцца абыякава.

— Адмяраюць людзям соткі ў полі толькі на сэзон, раней давалі на тры гады. Прапаў сэнс іх угнойваць. Кінуў бульбу ў зямлю, пасеяў пшаніцу — і ладна. Усё адно на наступны год соткі на новым месцы адмераюць, — кажа вясковец, піша радыё Свабода.





Дата стварэння навіны 06.07.2018

Возврат к списку

cashback