АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Масква развівае сербскія паўвайсковыя фарміраванні ў Босніі. Пуцін рыхтуе новы міжнародны крызіс?

Масква развівае сербскія паўвайсковыя фарміраванні ў Босніі. Пуцін рыхтуе новы міжнародны крызіс?
10.08.2018
Боснія і Герцэгавіна – дэцэнтралізаваная шматэтнічная краіна, якая адрадзілася пасля вайны на Балканах у 1990-я гады.

 У гэтай дзяржаве жывуць 3 народы, якія толькі 25 год таму ваявалі адзін з адным, таму мір тут даволі далікатная рэч.
Як раз тут Масква ўкладвае грошы і кадры ў развіццё паўвайсковых фарміраванняў, што можа азначаць планы па будучай дэстабілізацыі Босніі, лічаць аўтары аўтарытэтнага партала Foreign Policy.

Афіцыйна і неафіцыйна
Боснія і Герцэгавіна адміністратыўна падзеленая на два суб’екты – Федэрацыю Босніі і Герцэгавіны, пераважна населеную баснякамі і харватамі, і Рэспубліку Сербскую, у якой большасць складаюць баснійскія сербы. Палітыка Масквы тут – заахвочваць сербскі сепаратызм, гаворыцца ў публікацыі.

Сербскі рэгіён Босніі не мае ўласнай арміі, аднак мае ўласную паліцыю, якая ўсё больш звязаная з расейскай Федэральнай службай бяспекі і Міністэрствам унутраных спраў. Расея з 2016 года пастаўляе паліцыі баснійскіх сербаў інструктараў, прымае баснійскіх курсантаў для навучання ў расейскіх навучальных установах.

Афіцэры расейскай выведкі часта чытаюць лекцыі ў паліцэйскай акадэміі Рэспублікі Сербскай, а таксама на факультэце бяспекі Універсітэту Баня-Лукі, сталіцы суб’екта федэрацыі. Гэты факультэт фактычна з’яўляецца месцам падрыхтоўкі кадраў і распрацоўкі планаў для рэгіянальнай паліцыі. Супрацоўнікі факультэта, у прыватнасці дэкан Прэдраг Чэраніч не хаваюць сваіх прарасейскіх поглядаў (гэтак, Чэраніч называе сербаў “малымі расейцамі”).

Хоць у Босніі і Герцэгавіне за апошнія год 20 не адбылося аніводнага акту тэрарызму, мясцовая сербская паліцыя, выкарыстоўваючы ў якасці зачэпкі пагрозу тэрору, пачала актыўна набываць зброю, часам з дапамогай Расеі. Гэтак, Міністэрства ўнутраных спраў РС набыло 2.500 штурмавых вінтовак у Сербіі.
Рэспубліка Сербская таксама адкрывае палігон на месцы былых вайсковых казармаў каля Баня Лукі, згодна з дамоўленасцямі, тут расейскія афіцэры будуць трэніраваць мясцовых паліцэйскіх, будзе знаходзіцца штаб для новых антытэрарыстычных падраздзяленняў, лагістычныя ўстановы і дэпартамент па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.
Ідзе дыскусія пра заснаванні ў Рэспубліцы Сербскай расейскага гуманітарнага цэнтра аналагічнага таму, які ўжо дзейнічае ў сербскім горадзе Ніш. Афіцыйна мэта – дапамагаць мясцовым уладам у барацьбе з прыроднымі катаклізмамі, такімі як пажары і павадкі. Аднак цэнтр у Нішы падазразуюць у тым, што ён з’яўляецца неафіцыйнай базай расейскай выведкі – у тым ліку таму, што Расея патрабавала дыпламатычны імунітэт для сваіх грамадзян, якія там працуюць.

Гарматнае мяса для Пуціна
Таксама існуюць сувязі паміж ветэранскімі арганізацыямі Расеі і баснійскіх сербаў. Апошнія былі заўважаныя ў наборы мясцовых дабраахвотнікаў для войнаў на ўсходзе Украіны і ў Сірыі ў якасці баевікоў расейскай так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера, пісала брытанская The Guardian.
Сербскія ветэранскія арганізацыі ў Босніі таксама маюць кантакты з недзяржаўнай паўвайсковай арганізацыяй “Сербскі гонар”, лідары якой атрымлівалі падрыхтоўку ў Расеі і ў расейскім “гуманітарным” цэнтры ў Нішы. “Сербскі гонар” супрацоўнічае з расейскай арганізацыяй “Нашчадкі перамогі”, піша мясцовае zurnal.info.

Адзін з лідараў “Сербскага гонару” Боян Стойковіч, як паведамляецца, атрымліваў падрыхтоўку ў Расеі. У ягоным Інстраграме фота з партрэтам Уладзіміра Пуціна. Унізе подпіс: “За такога прэзідэнта варта аддаць жыццё”.
За дзеяннямі “Сербскага гонару” ужо з занепакоенасцю назіраюць цэнтральныя баснійскія ўлады ў Сараева, паведаміў міністр бяспекі краіны Драган Мекціч. Па ягоных словах, зараз збіраецца інфармацыяй для перадачы матэрыялаў у нацыянальную пракуратуру.

Рэха вайны
Раней Боснія была часткай Югаславіі, аднак у 1990-1991 гадах Югаславія пачала няўхільна распадацца – сербскі камуністычны лідар Слабадан Мілошэвіч парушыў канстытуцыю краіны і не дазволіў абранаму прэзідэнту Харватыі заняць месца кіраўніка Югаславіі (законы прадугледжвалі ратацыю кіраўнікоў югаслаўскіх рэспублік на чале федэрацыі).
У выніку незалежнасць абвесціла Славенія, а потым Харватыя і Боснія. Вайна ў шматэтнічнай і шматрэлігійнай Босніі (44% насельніцтва – баснякі-мусульмане, 32% – сербы-праваслаўныя, 17% – харваты-католікі) пачалася ў 1992 годзе. Баявыя дзеянні характэрызаваліся ўпартасцю, жорсткасцю, этнічнымі чысткамі з усіх бакоў, але асабліва вызначыліся тут сербскія сілы.

Пахаванне 775 ідэнтыфікаваных баснійцаў, забітых сербскімі карнікамі ў Срэбрэніцы. 2010 год. Крыніца – wikipedia.org
Вайна ў Босніі скончылася ў 1995 годзе пасля серыі рашучых удараў, якія нанеслі баснійска-харвацкія сілы сербскім войскам, а таксама, у меншай ступені, з-за бамбардыровак сербскіх пазіцый авіяцыяй НАТО. Агульная колькасць ахвяраў вайны ацэньваецца прыкладна ў 100.000 чалавек.

Назіральнікі і аналітыкі неаднарозова адзначалі, што Крэмль гатовы на новыя ваенныя авантуры, каб адцягнуць увагу ад сваіх папярэдніх дзеянняў. Гэтак, вайна на Данбасе была зробленая, каб прыкрыць анексію Крыма, а інтэрвенцыя ў Сірыі – для таго, каб “замарозіць” сітуацыю на ўсходзе Украіны.
Не выключана, што маскоўскія ўлады гатовыя зноў кінуць запалку ў балканскі “парахавы склеп” Еўропы, каб той было не да рэагавання на расейскую палітыку ў краінах, якія раней былі часткай СССР.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu


Дата стварэння навіны 10.08.2018

Возврат к списку