АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Не прайшло і стагодзьдзя 20.10.2015

Учора ў лошыцкім парку афіцыйныя ўлады "островка покоя и порядка и донора региональной безопасности" (па словах аднаго з выступоўцаў - міністра замежных спраў РБ У. Мокея) нарэшце ўшанавалі памяць доўга невядомай шырокай грамадскасьці Беларусі гуманітарнай місыі UNRRA, згадкі пра якую за савецкім часам былі забароненыя.

сьмецьцевыя бакі
1-2. Чырвоная дывановая дарожка да шыльды пра UNRRA і сьмецьцевыя бакі ля магілкі яе супрацоўніцы, якая загінула, ратуючы беларусаў. Каб зрабіць агульную памятную фатаграфію, давялося адцягнуць іх падалей убок. Ну, і, натуральна, шматлікія штогодныя рэпартажы з удзелам прадстаўнікоў ААН, замежных амбасадараў альбо беларускай інтэлігенцыі сьмецьцевыя бакі не ўпрыгожваюць. Ганьба. Просіце за памяць пра дапамогу вам-жа крэдыты й прызнаньне калгаснай дыктатуры, дык хаця-б гэтую памяць прыпрыпарадчылі. А то за дзяржаву сорамна.
Фота MT&S і рупарпропа.


Амаль праз 70 гадоў пасьля падзей тут прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцьця на будынку музэя "Лошыцкая сядзіба" мемарыяльнай дошкі, прысьвечанай працы ў Беларусі гуманітарнай місыі UNRRA. У 1946-47-ых менавіта тут разьмяшчаўся офіс місыі, што была створаная дзяржавамі для аказаньня дапамогі краінам, якія найбольш пацярпелі ў хадзе Другой Сусветнай вайны, у тым ліку Беларусі, падкрэсліў міністар (задачай UNRRA было аказаньне эканамічнай дапамогі краінам Эўропы, а таксама рэпатрыяцыя й падтрымка ўцекачоў у пасьляваенны час).

Тамара Місейчык
5. Пані Тамара Місейчык - адна з уратаваных. Раней, калі былі сілы, яна й сама прыяжджала на магілку Рут Уолер, а ў дзяцінстве туды яе прыводзіла маці. На афіцыйнае адкрыцьцё памятнай шыльды яе ніхто не запрасіў, ды яна наўрацці прыехала-б.
Фота MT&S, Асіповічы, 2011.

На дошцы на беларускай і ангельскай мовах напісанае: "У гэтым доме ў 1946-1947 гадах разьмяшчалася місыя адміністрацыі дапамогі й аднаўленьня Аб'яднаных Нацый (UNRRA). Памятная дошка ўстаноўленая ў 70-ю гадавіну заканчэньня Другой Сусьветнай вайны і стварэньня ААН, адна з заснавальніц якой - Беларусь.".

Руху Салідарнасьці
6-8. 8 траўня 2015 - 70-я ўгодкі сканчэньня Другой Сусьветнай вайны. Акцыя па ўшанаваньні памяці місыі UNRRA й яе супрацоўніцы прадстаўнікамі Руху Салідарнасьці "Разам".
Фота MT&S.

"Пастаўкі UNRRA ў першыя пасьляваенныя гады прадуктаў, насеньня, тэхнікі дапамаглі Беларусі перажыць разруху і голад, - адзначыў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд. - Як амерыканец я ганаруся тым, што ў складзе місыі працавалі мае суайчыньнікі. ... Заслугоўвае памяці й жыцьцё асобнага чалавека - супрацоўніцы місыі Рут Уолер, якая памерла 4 жніўня 1946. Рут захварэла пасьля таго, як дапамагла выратавацца беларускім хлапчукам, якія тапіліся. Яна пахаваная на Вайсковых могілках у Менску".

Тацяна Грачанікава
9. Тацяна Грачанікава, беларуская грамадская дзяячка, ускладае на магілу выратавальніцы сваёй маці сымбалічны букет - пяць белых хрызантэм і чырвоную ружу. Штогодная мэмарыяльная акцыя Руху Салідарнасьці "Разам". 4 жніўня 2015, Дзень памяці Выратавальніцы Рут. Спадзяюся, прыйдзе час, калі сюды прыйдуць прадстаўнікі афіцыйнай ўлады.

Роланд таксама запрапанаваў назваць імём Рут Уолер адзін з карпусоў 1-й гарадской клінічнай бальніцы.

"Я рады, што мы змаглі аказаць беларускім уладам дапамогу ў высакародным распачынаньні ўвекавечаньня агульнай гісторыі й супольных намаганьняў міжнароднай супольнасьці», - падсумаваў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

У цырымоніі прынялі ўдзел  таксама прадстаўнікі ААН і замежныя дыпляматы.

Па матэрыялах MT&S, PS, RR, "Звязда" і іншых мас-мэдыя.

Кіно і Немцы (Рут Уолер, Рут Уольлер, Рут Уоллер, Ruth Waller) 15.07.2014 7


Тацяна Грачанікава ля магілы Рут Уолер, Вайсковыя могілкі, 2013. Фота P.S.

З Тамарай Хведараўнай Місейчык на тэму вайны й пасьляваеннай дапамогі амэрыканскай я размаўляў апошні раз летась, па тэлефоне, на ўгодкі памяці амэрыканскай місыянэркі Рут Уолер, калі яе (Тамары Хведараўны) дачка, Тацяна Грачанікава, прыходзіла перадаць ад яе паклон. Сёлета Пані Тамара сама прыехала ў Менск, бо адзін фонд, назавем яго вельмі ўмоўна "Салідарнасьць", дакляраваў дапамогу (штопраўда, нешта там раптом не заладзілася, але не аб тым гаворка пойдзе). Таму, карыстаючыся выпадком, я вырашыў працягнуць нашую цікавую размову, што называецца, ужывую.


Пані Тамара, Серабранка, 2014. Фота P.S.
Пані Тамара, аці памятаеце Вы, як Немцы напалі на Савецкі Саюз?

Натуральна, мне ўжо было 9 гадоў, даволі дарослай дзяўчынкай была (сьмяецца). Раньнім браньскім (Браньск зараз Польшча / заў. кар.) ранком нас без рэчаў, пад гул самалётоў і выбухі зэнітак, пасадзілі на грузавік і павезьлі прасёлкамі на ўсход у калёне іншых машын, якія йшлі вельмі шчыльна, ледзь не датыкаючыся адна да днэй. З намі разом ехалі й пілёты, якія не пасьпелі ўзьляцець - ня быў гатовы СС да вайны. Укрутцы грузавік наш разбамбавалі й надалей мы дабіраліся ў рожны спосаб: на калёсах, пешкі, нат на параходзіку. Да Менску дапялі, калі ён ужо палымнеў. Казалі, што добра паддалі вагню савецкія падпальшчыкі - каб Немцом нічога не пакідаць.


Тамара Місейчык, 1941, 1946. Фота зь сямейнага архіву.
Гэна адзінае вашае даваеннае фота?
Ну так. Усё-ж пакінулі ў Браньску. Іншыя людцы нават і дакумэнты не пасьпелі схапіць. А гэнае фота захавалася, бо было дасланае ў лісьце сваяком як раз перад нападом.

Яшчэ траплялі пад бамбаваньне па дарозе?

Асабіста нашая сям'я - не. Быў выпадак, калі здавалася - усё, сьмерць, але пілёт спусьціўся ніска-ніска, паглядзеў, што жанкі й дзеці - і адляцеў.

А баяліся Немцоў? Дарэчы, падчас акупацыі сёнешняй Серабранкі не было, а Немцы жылі тут побач, празь Сьвіслач, у Лошыцкай сядзібе, дзе пасьля вайны месьцілася Вашае ЮННРА. Гэныя фота я адкапаў у архівох, калі шукаў матэрыялы пра Лошыцкую аўтарыю Панны Марыі:


Нямецкая акупацыя, 1941-1944. Фота архіўныя.

Неяк ня дужа. Ведаеце, у дзяцінстве ўсё па-іншаму. Ды й стасаваліся мы зь імі ня так ужо й часта. Пасьля таго, як уся нашая сям'я (бацька тады ўжо загінуў у цяжкіх баёх пад Смаленском / заў. кар.) правяла некалькі тыдняў у паліцыі, маму й брата Лёню, як партызаноў, забралі ў канцлягер, а мяне Немец завеў у сям'ю паліцая, няшчаснага чалавека, у якога была куча-мала галодных дзяцей, і прыгразіў кулаком. Але ў іх саміх не было чаго пад'есьць, таму мы часта бегалі да цягнікоў з нямецкімі жоўнэрамі, прасіць ў іх, лазячы пад вагонамі й хаваючыся ад патруля. Немцы дзяліліся. Потым мама й брат уцяклі з канцлягеру, знайшлі й забралі мяне ў партызанскі атрад. Маці распавядала, што начальнік лягеру, калі не дасылалі вязьням ежы, езьдзіў сам на асабістыя грошы набываць для іх каровіны маслы, кроў і вантробы.


Кадры пасьляваеннай кіна-фотакронікі.

А другое фота, пасьляваеннае, таксама адзінае?

Так, неяк ня ладзілася ў мяне з фота) Недзе ў 46-м. Гэна якраз тады, калі мяне ўладкавалі ў санатор, які паставіў мяне на ногі. 14 мне было, вучылася ў беларускай школе. Сэрца вельмі кволае было. Галодная вайна, доўгі час без бацькоў, пасьля жылі ў напаўпадвальным памяшканьні блізу Нямігі, ды й тады ня шмат было наедкоў - вось і захварэла на сэрца. Зусім слабáя была.

А што яшчэ яскравага запомнілася з тых часоў?

Трахвэйнае кіно - прыгожае, цікавае, каляровае. Яшчэ - як у выходныя мы штурмавалі "Першы" (кінотэатар / заў. кар.), каб паглядзець кіно задарма, хоць стоючы. Шмат паказвалі пра Тарзана, потым - "Багдацкі злодзей", здаецца, "Зора", "Зялезная маска", музычныя стужкі.

 

Кадры з "трахвэйных" кінастужак.

Дык гэна-ж не "трахвэйныя", а пірацкія)))

Так было напісана на ахвішах і ў тытрах. А ў працоўныя дні мы перапрадавалі квіткі.

А калі-б ня здолелі перапрадаць?

Такога не было) Квіткоў ніколі не хапала. Бывала, кіно пускалі нават ў напаўразбураных дамох. Праробяць вакенца ў сьцяне - і прадаюць зтуль квіткі. Яшчэ любілі бегаць па руінох, па горадзе. Праўда, там, бывала, і людзей забівалі. І чорную кошку малявалі - знак такі.

А на лячэньне Вас сама Рут Уолер уладкавала?


Аці-ж я яе ведала? Мама рупілася, а дзе вадзілі-каму паказвалі - Бог бацька! Так, каб асабіста - ня памятаю. Гэна потым ужо мама прыводзіла на яе магілу й казала, тут, маўляў, ляжыць пахаваная твая выратавальніца.


А гісторыю пра хлопчыкоў, якія тапіліся, распавядала?


Як Рут палезла ў возера іх ратаваць, пасьля захварэла - запаленьне лёккіх, мэнінгіт - і памёрла? Не, пра гэнае ўжо я нашмат пазьней даведалася, тады пра тое не казалі)


 


Тэд і Рут. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.


Раскажэце, калі ласка, пра лячэньне.


Санатор быў у Астрашыцкім Гарадку, яшчэ царскі, напэўно. Туды хворых дзяцей зьвязьлі. 5-разовае сілкаваньне, клапатлівы пэрсонал, гулялі ў лесе, у вялікай залі сьпявалі песьні. Пад канец у мяне адкрылася яшчэ й сьвінка, і ўсіх пакінулі ў карантыне. Сястра ля мяне і дзень, і ноч дзяжурыла. Усе былі радыя.)


Што там больш за ўсё ўразіла?


А ўсё было смачнае) Есьці ўжо ніколі болей не хацелася. Памятаю малако й рыбны тлушч, узвары з сухой садавіны, ігруш, рызынак, чарнасьліву. Самае галоўнае - штодня давалі вялікую шклянку чакаляднага напою. На гэнае забыцца ніяк не выпадае - такая смаката) І яшчэ я там упершыню пакаштавала жоўтыя й памаранчавыя фрукты. Пра тое, што гэна былі апэльсыны й мандарыны, я даведалася значна пазьней)



Лошыцкі маёнток. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.


А амэрыканскую дапамогу Вы атрымлівалі?


А хіба ГЭНАЯ была не амэрыканская?) Усе ведалі, што ў нас у крамах нічога свайго няма, апроч хлеба, карамелек ды, можа, бачкавых селядцоў, ды й наконт таго  вялікі сумніў маю.


Аці было ўвогуле што ў тых крамах?


А, ці ведаеце, былі такія крамы, "ліцерныя" называліся? - Мы туды бегалі "пазырыць". Там было ЎСЁ. Толькі нас задтуль выганялі. Дома ў нас такога не бывала.



З амерыканскай дапамогі сям'і Тамары Хведараўне больш за ўсё запомніліся вялікія кардонныя скрынкі, хутчэй за ўсё, "рацыёны", зь невялікімі, мабыць, парцыённымі, упакоўкамі; у слойках большага памеру - мясныя кансервы, мяккія, хутчэй за ўсё, сьвіныя; гароднінныя кансервы ў высокіх банках - нешта "нязвычнае й нясмачнае" кшталту спаржы (Пані Тамара чамусьці лічыць, што гэна былі нейкія зялёныя несалодкія бананы); лярд і цёмнае масла, хутчэй за ўсё, арахісавае. Як дзіця, яна запомніла больш прысмакі: вялікую плітку чакаляды, згушчанае малако, фруктовае павідла альбо джэм у рожных невялічкіх пакункох, печыва-галеты; а таксама маркізэтавую дзявочую сукеначку й сьветлыя адкрытыя пантофлі на невысокім абцасе. Сыр, рыбныя вырабы й кансервы, бабы і гарох, садавіна-гароднінныя сокі, крупы розныя, какава- і кава-бабы, чай, фруктовы парашок, сырная паста, масла,сухое малако, цёплая вопратка - гэнае, відаць, да іхняе сям'і не даходзіла.



Дзейнасьць ЮННРА. Кадры пасьляваеннай кінакронікі.


Партызанская даведка: Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН — Адміністрацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтоў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР.


Улічваючы вельмі цяжкае эканамічнае становішча Беларусі пасля вайны, і было прынятае рашэньне аб аказаньні ёй дапамогі. У сьнежні 1945-га ў Вашынгтоне было падпісанае Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавароў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх дáлероў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945-1946 гг. Гэтыя сродкі вылучаліся на абнаўленьне гаспадаркі, забеспячэньне насельніцтва самымі неабходнымі сродкамі існаваньня: ежай, адзеньнем, абутком, лекамі і г.д.


Гэная падтрымка беларускаму народу была надзвычай неабходная. Савет рэспублікі выказаў падзяку на адрэсу ААН. Дапамога была даволі істотнай — з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезенае звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу-ж трапіла пад кантроль Бюро ЦК КПБ, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузоў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш. Бюро тады фактычна зьяўлялася вышэйшым ворганом улады ў БССР.


Аднак гэная гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархоў была пахаваная на доўгія гады — яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946-га Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладох і гутарках прыводзіць будзь-якія лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытаньні дапамогі з боку ЮННРА”.


http://www.belaruspartisan.org/blogs/navicki/16547/




Калі Музэй Таталітарызму й Салідарнасьці рыхтаваў апошнюю публікацыю з цыклю "Невядомая Беларусь" пра місыю ААН у справе дапамогі й аднаўленьня (ЮННРА) - "Кіно і Немцы, ЮННРА, Рут і Лошыца / Успаміны жывой сьведкі" (http://salidarnasc.livejournal.com/77509.html), то мы зьвярнулі ўвагу, што на пасьляваенных фота многія беларусы, як, напрыклад, сваяк гэраіні нашага артыкулу (ён на правым фота побач зь юнай Тамарай), красуюцца ў нацыянальных строях. Аднак ня толькі беларусы. У кроніцы ЮННРА мы знайшлі, як мінімум, тры фота амэрыканцоў у вышыванках. Дакладна вядома, што такую-ж з гонаром насіў і першы кіроўнік місыі ЮННРА (месьцілася ў Лошыцкім маёнтку), вядомы ню-ёркскі юрысты Рычард Скандрэт. Ён на ніжнім левым фота.



Місыя ў панскім паляцы. Фрагмэнт кронікі.



У 1946-1947, пра якія вядзецца ў нашым цыклі публікацый пра ЮННРА (бо яны больш за ўсё зьвязаныя зь дзейнасьцяй згаданай арганізацыі ў Беларусі), саветамі ва Ўкрайне быў учынены чарговы, трэйці, галадамор. Беларусы таксама галадавалі разом з украінцамі ўтрэйце, але і ў гэны раз голад на нашай тэрыторыі меў менш цяжкія наступствы. Як згадвае пані Тамара, украйнцы ехалі на дахох вагоноў, з апошніх сіл чапляліся за парэнчы. Некаторыя, маладыя ці ня вельмі, мужчыны й жанкі, гінулі проста на вачах ад голаду, траплялі пад колы, яна апісвае колькі такіх выпадкоў.


 


ЮННРА – ня першая амэрыканская місыя, якая аказвала дапамогу пацярпелым ад вайны й голаду беларусом. Раней ужо была АРА (Амэрыканская адміністрацыя дапамогі), сума дапамогі якой у 1920-1923 ў пераліку на кошты 2004 склала каля 80 мільёноў далероў.



Тэд і Рут Уолеры пабраліся шлюбам на вайсковай базе Макдзіл. Там і згулялі cьціплае вайсковае вясельле. Рут было тады блізу 20. Яна служыла ў жаночым корпусе Узброеных Сіл ЗША.


 


У 1948-ым на кінаэкраны выйшла мастацкая стужка «Пошук» http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%BE%D0%B8%D1%81%D0%BA_(%D1%84%D0%B8%D0%BB%D1%8C%D0%BC,_1948), што распавядае гісторыю чэскага хлопчыка, якая нечым пераклікаецца зь лёсам нашай гэраіні. Яго таксама ўратавала ЮННРА (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, UNRRA). Фільм ёсьць на торэнтох.



Каштоўны груз. Фрагмэнт кронікі.


Лошыцкая аўтарыя: Узьлёт і падзеньне 04.02.2013 18

  Рабочы назоў: Узьлёт і падзеньне маленькага касьцёла /Няма таго, што раньш было/



   Ёсьць у Менску мой улюбёны куточак, ахутаны паданьнямі й годны ўспаміну ня менш за Кальварыю, Камароўку ці нават легендарнае Траецкае прадмесьце. Я вяду пра таямнічую й рамантычную некалі Лошыцкую княска-графскую сядзібу. Хто толькі не наведваў лошыцкі маёнтак ці ня жыў у ім, згодна паданьням і фактычным матэрыялом! Апошні Кароль Польскі й Вялікі Князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; губернатар памежнай Магіляўскай губерні, генэрал Кахоўскі; расейскі імпэратар Павал I; удзельнікі вызвольных паўстаньняў; князі й шляхта; расейскія "дзекабрыстыя"; змоўшчыкі супроць мінскіх губэрнатара й паліцмайстра; менскі культурніцкі бамонд, сярод якога Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч і Валеньці Ваньковіч; эсэры; чыкістыя, навукоўцы, чырвоныя тэрарыстыя, вярхоўка гітлероўцоў, гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, камуністычныя падпольшчыкі, савецкія партызаны, камандзеры  якіх праходзілі тут праз сьмершаўскі фільтрацыйны пункт, амэрыканцы зь місыі УННРА...



лошыцкая капліца

  1-4. Аўтарыя(алтарыя), капліца, радавая пахавальня, часоўня, фамільны ськлеп - гэна ўсё слушныя назовы аднаго й таго-ж збору - касьцёла Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Сьцены яго чулі ня толькі шлюбныя гімны і цудоўную ігру на касьцёльным аргане Станіслава Манюшкі, але й малітвы удзельнікоў паўстаньняў супроць расейскай акупацыі, і гукі масавых сталінскіх растрэлоў, і стогны ахвяраў чыкісцкіх катаў.



   А калі ўжо казаць пра Лошыцкую сядзібу, то немагчыма не згадаць і пра тутэйшую рымска-каталіцкую аўтарыю*(зараз ужо жывапісныя руіны), раьзмешчаную на высокім месцы з правага боку ўязной алеі, блізу ўязной брамы ў атачэньні дрэваў хвоі чорнай. Заснаваная яна была ў 1787 г. і кансэкраваная пад тытулам Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Пабудаваны быў збор у стылі позьняга беларускага (віленскага) барока, якому былі ўласьцівыя "надзвычайная маляўнічасьць і плястычнасьць формаў, шматплянавая прасторавая структура фасадаў, багацьце светлаценю, стромкасьць і лёгкасьць, якія надавалі збудаваньням вытанчаныя прапорцыі; мудрагелістыя скразныя праёмы, крывалінейныя абрысы вежаў і франтонаў". У нашай краіне станаўленьне мастацкіх асаблівасьцяў гэнага стылю зьвязанае з творчасьцяй выдатнага віленскага архітэктара Ёгана Крыштофа Глаўбіца (1700 - 1767). Лошыцкая аўтарыя ўяўляла сабой мураванае, крывалінейнай 8-сьценнай канфігурацыі збудаваньне, завершанае шаломападобным купалам на глухім барабане, пад шатровым дахам. Сьцены былі атынкаваныя, аздобленыя пілястрамі. Капліца, трэба дадаць, незвычайна эфэктна глядзелася сярод зеляніва парку.



лошыцкая капліца

  5. Лошыца, панарама(Losyca. J.Pieska, XIX). Акварэль, мастак Юзаф Пешка, поўны назоў твора "Лошыца, сядзіба Прушынскіх у паўмілі ад Менска", захоўваецца ў адзьдзеле мастацтваў Ільвоўскай навуковай бібліятэкі імя В. Стэфаніка. На далейшым пляне відаць абрысы капліцы, пра якую вядзецца ў блёгу.

  6. Капліца Панны Марыі ў былой в. Лошыца. Фота 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя.



   Адметнасьць зальнага інтэр'еру складала наяўнасьць аргана й двох багата дэкараваных, аздобленых унікальнай разьбой аўтароў - Сьвятой Панны Марыі й Сьвятога Мікалая. Увогуле, наяўнасьць у касьцёлах некалькіх дадатковых аўтароў, апроч галоўнага, разьмешчанага ў прэсбітэрыі (аўтарнай частцы) - зьява даволі распаўсюджаная, але каб гэта было падкрэсленае ў назове самога каталіцкага збору - факт даволі рэдкі. Цікава, што ў апісаньні прыхода Каралішчавіцкага рымска-каталіцкага касьцёла за 1856 г., да якога належала тады Лошыцкая аўтарыя, ужо значыцца, што "столец у ёй адзін у імя Найсвятой Багародзіцы". Трэба меркаваць, гэта былі пэўныя водгукі той унутранай палітыкі, якая ажыцьцяўлялася Мікалаем I пасля новага антырасейскага паўстаньня ў 1830-1831 гг. Царскі ўрад тады пачаў змагацца "з духам краю", у выніку чаго адбылося ўвядзеньне паўсюдна расейскай мовы ў справаводства й замацаваньне за асноўнымі беларускімі губернямі афіцыйнай назвы "Паўночна-Заходні край". Прыніжаўся статус касьцёлаў, зьмяншалася іхняя колькасьць. Так, паводле М. Доўнар-Запольскага, "у 1832 г. за ўдзел у паўстаньні быў зьліквідаваны 191 кляштар з 304, зь ператварэньнем іх пераважнай часткай у прыходскія касьцёлы".



Ядзьвіга Любанская

 7-8. Графіня Ядзьвіга Любанская(1870-1905), архіўныя фота(сёмае фота - 1898г). Як тут ня прыпомніць легендарны радок:

  Ёсьць у графскім парку чорны стаў. Лілеі там цвітуць. Лілеі там цвітуць. Квітнеюць.

  There is a black pond in the ducal park. There lilies bloom. They bloom.



   Тым не менш, нягледзячы на ўсе пераўтварэньні, Лошыцкая аўтарыя захавала свой назоў і надалей(пакуль не была зачыненая пасьля чарговага вызвольнага паўстаньня 1863-1864гг.), служачы па-ранейшаму адначасова й фамільным ськлепом роду Прушынскіх. Тут былі пахаваныя многія пакаленьні ўладальнікоў маёнтка. Апошняй была маладая графіня Ядзьвіга Любанская, якая ў чэрвені 1905-га ўтапілася ў Сьвіслачы. В памяць аб каханай жонцы Яўстах Любанскі замураваў і затынкаваў вакно ў яе пакоі на першым паверсе. На тым месцы, дзе знайшлі цела Ядвісі, пасадзіў абрыкосавае дрэва. Самую няшчасную пані забальзамавалі й паклалі ў сьвінцовую труну, у якой на месцы твару была зробленае вечка са шкла. Кажуць, ляжала Ядзьвіга, нібы жывая.



Ядзьвіга Любанская

  Фота 9-11.

  9. Граф Аляксандр Мусін-Пушкін (1856-1907), менскі губэрнатар (мастак В.Н Курбак, 2001). 11. Граф Карэл Гутэн-Чапскі (1860-1904), гарадскі галава(архіўнае фота). Гэным асобам прыпісваюцца непацьвержаныя адюльтэры зь Ядзьвігаю Любанскай, якія нібы прывялі да яе заўчаснай сьмерці. У шматлікіх мясцовых паданьнях і казаньнях, вершах і паэмах, аповядох і цэлых кніжках, прысьвечаных гэнай вядомай красуні й вельмі чулай да чужых бедаў і рамантычнай асобе, фігуруюць і бедны студэнт, і муж-Сіняя Барада, і самазабойства ці нават забойства, і перадсьмяротныя запіскі, і нават ненароджаныя дзеці. Усяму нельга цалком верыць. Гэна ўсё роўна, як цалком верыць ў белую здань каня Ўсяслава Чарадзея, якая дасюль прыплывае з Лошы ці ў дыназаўроў, якія і цяпер водзяцца ў рэліктавым парку. Ці ў тое, што Лошыцкая аўтарыя пабудаваная на гары на месцы колішняга паганскага капішча старажытнага паселішча ліцьвіноў-русіноў, знойдзенага непадалёк. Кожны можа выбраць сабе гісторыю па душы. Хоць пра неандэртальцаў. Але ўжо тое добра, што яны ёсьць.



   Пасля 1905 касьцёл аднавіў сваю дзейнасьць, але яе перапынілі ўжо савецкія ўлады ў 1920-х гадах, калі ў Лошыцкай сядзібе размясцілася ГПУ Беларусі. Спачатку капліцу прыстасавалі пад склад сельгасінвентара, а потым паспрабавалі ўзарваць. Тады будынак выстаяў, але застаўся без купалу. Да канца 1925 года чэкістыя рыхтавалі ў былым доме млынара тэрарыстычныя брыгады, якія засылаліся ў Польшчу. А потым адкрылі там сакрэтную школу для актыву кампартыі і камсамола Заходняй Беларусі, пад ідэяльным прыкрыцьцём Беларускага адзьдзяленьня Ўсесаюзнага інстытута расьлінаводства (пазьней - досьледная гаспадарка БелНДІ бульбаводства й плодаагародніцтва). Падчас чарговай хвалі сталінскага генацыду беларусоў, у 1937-ым, чыкістыя растралялі на краю парку непадалёк, у Чорным Яру, блізу дзесяці тысячаў сваіх ахвяраў. А на іхняй магіле зрабілі звалку сьмецьця й гаражны капэратыў.



Зянон Пазьняк: “Людзей прывозілі ў “хапунах” і часам на бартавых грузавіках, зьвязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі рана (у 5-6 раніцы) па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя з лошыцкіх старажылаў расказвалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі й нават як расстрэльвалі. Сказаныя на сьмерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваныя таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы-сексоты НКВД і лошыцкія падонкі (сексоты) удзельнічалі ў расстрэлах “ворагаў народа” тут, у Лошыцкім Яры. Яны напрошваліся

пастраляць” і за кожны стрэл ім плацілі 50 капеек (відаць, такса была).”



лошыцкая капліца

  Фота 12-15.

  14. Я й сам быў так моцна ўражаны гісторыяй Ядвісі, што, стоячы проста пад гарой, зрабіў гэны накід асадкай: Белая Панна Лошыцы блукае па маёнтку, не знаходзячы свайго месца - пакой замураваны, а магіла разбураная...



   У 1930 г. з радавой пахавальні вывезлі ўсё труны, якія зьмяшчалі свінец, у тым ліку труну з парэшткамі графіні Ядзьвігі Любанскай, і адправілі на пераплаўку для акумулятараў у машынна-трактарную станцыю, заарганізаваную тут жа. Парэшткі памерлай, роўна як і іншых гаспадароў маёнтка, пры гэтым былі закапаныя непадалёк, а затым разрабаваныя. Косткі былі раскіданыя па парку, пазней іх аддалі зямлі мясцовыя жыхары. А капліцу ў 1935-ым яшчэ раз ўзарвалі. Часткова, таму што не хапіла выбухоўкі, каб разбурыць тоўстыя сцены. Людзям сказалі, што Чырвоная Армія, праводзячы спэцвученьні, памылкова зьнішчыла ня той аб'ект...



   На сёнешні дзень, як вы ўжо бачылі на фотах вышэй, сутарэньні Лошыцкай аўтарыі засыпаныя грунтом, ад тоўстых сьценаў засталася адна чвэрць.



лошыцкая капліца

  16. У 2011-ым я трапіў сюды якраз падчас раскопак падмурку і быў ўражаны грубасьцяй сьцен аўтарыі. З прычыны таго, што ні ў мяне, ані ў рабочага, што там разьбіраў, ня мелася з сабой вымяральнага інструмэнту, я паклаў на падмурак ягоную рыдлёўку, каб вы маглі параўнаць грубасьць сьцяны з даўжынёй тронка.



  Падрыхтаванаe й перакладзенаe navicki. Большасьць аўторскіх фота зробленыя на пачатку 2000-ых.
чытаць іншыя навіны

Юрась Навіцкі