АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Пенсійная рэформа ЧС-2018 Змены ў КК Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Часы мяняюцца. Ідэалогіі перашкаджаюць грамадству 06.06.2018

Амаль чвэрць стагоддзя ў Беларусі ідзець неспынная барацьба. Актыўнае грамадства супрацьстаіць дзеючай уладзе. Пераможцам, аднак, у большасці выпадкаў становяцца тыя, хто на вяршыні. На маю думку, уся справа ў ідэалогіях.
За апошні час можна было ўбачыць шмат баталіяў у атачэнні апазіцыі. Усіх хвалявалі то пытанне фармату Дня Волі, то стаўленне да ЛГБТ. Не хачу кранаць абедзве тэмы. Лепш пагамонім аб прычынах варожасці.
Я бачу іх карані ў ідэалогіях. Вось, да прыкладу, сп. Спарышу прыгадваюць у спрэчках, што ён быў камуністам. Ганне Смілевіч кажуць, што яна кансерватарка, таму і «ўсе вы такія». І насамрэч, у абодвух выпадках ідэалагічны ўплыў вельмі добра прасочваецца. Аднак справа не ў людзях, Дакладней, не зусім у іх. Справа ў ідэалогіях. Прычым не мае значэння, якія менавіта. Усякая сістэма ідэй заўжды грунтуецца на вобразах «свой — чужы». Пры гэтым, дадзеная з’ява бярэ ўсю адказнасць за падзеі, якія развіваюцца пасля сутыкнення з чымсьці, на сябе. Таму да яе лепіцца ў роўнай ступені ўсё добрае і ўсё дрэннае. А потым, як нейкі вірус, гэтае ўсё лепіцца і да пэўных людзей. Пасля чаго стварае не толькі вонкавае ўяўленне аб чалавеку, але й яго асабісты светапогляд фармуецца пад гэтым уплывам.


У чым вялікі мінус ідэалогій — гэта ў перакладанні адказнасці за дзеянні з чалавека на абстракцыю. І тут адразу трэба крыху захапіць выйсце з праблемы. Каштоўнасці ускладаюць усю адказнасць якраз на асобу. Напрыклад, можна храбра абараняць сваю сям’ю ад хуліганаў і таксама — быць храбрым бандытам. У выпадку каштоўнасці 'храбрасць' адказнасць за ўчынкі цалкам кладзецца на людзей. У ідэалогіях няма гэтага. Заўжды можна сказаць, што капіталіст з’яўляецца ворагам для камуніста проста з-за палярнасці ідэй абодвух бакоў. А калі ёсць вораг, то прысутнічае і спакуса знішчыць яго. Апагеем ідэалагічных палярнасцяў і войнаў стала ХХ-е стагоддзе. Першая, Другая сусветная, Халодная войны яскрава паказалі нянавісць, якую фарміруе кожная сістэма ідэй. Гэта спаборніцтва, у якім перамагчы можа толькі адзін. Астатнім наканавана быць пераможанымі й растаптанымі. І тое, які вы чалавек — добры, злы — не грае зусім ніякай ролі. Галоўнае — перамагчы ў ідэалагічных войнах.

Шмат пакліканых, ды мала выбраных 06.05.2018

16. А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
17. і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзіце, бо ўжо ўсё гатова.
18. І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
19. Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
20. Трэці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
21. І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сляпых.
22. І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца.
23. Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой;
24. бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з'есць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
(Паводле Лукаша 14:16-24)
Прыпавесць пра шлюбны баль паказвае абыякавасць пакліканых людзей. І насамрэч, часта іхняя пыха ідзе паперадзе іх. Тыя, хто пакліканы, бывае, лічаць сябе найвышэйшымі асобамі. Яны ўсё ведаюць, маюць досвед… Але Езус выкрывае фарысейскую пыху. Ён паказвае, што Бог з’яўляецца найважнейшым у жыцці. І ніякія справы не могуць стаць паперадзе Яго. Нават самыя важныя.

Таксама мы бачым тут постаць раба. Гэта — сам Езус. Менавіта праз Яго Бог (пан) кліча пакліканых. Але тыя не пайшлі. У іх было шмат іншых заняткаў. Тады Пан Бог паслаў Езуса па іншых гасцей. «Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сляпых». Гэта значыць, мытараў і грэшнікаў. А ўдругі раз: «Ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой». А гэтыя радкі кажуць ужо пра паганцаў.

І насамрэч, вартыя не тыя, хто знешне пакліканы. Але хто прымае пакліканне ў любы час.

Што значыць блакіроўка «Хартыі» 12.02.2018

Блакіроўка «Хартыі-97» з’яўляеца доказам запалоханасці ўладаў. Такія крокі насцярожваюць: няўжо зноў рэпрэсіі? Дый фармулёўка мае пэўны сімвалізм. Парушэнне артыкула 38 (!) закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

Быцам у 38-ы год кідае кожны раз, калі парушаецца свабода слова. Але ж такім крокам улады павінны быць тлумачэнні. І не тыя, што прыдумалі ў Міністэрстве інфармацыі. На відавоку ёсць некалькі фактаў.

Напэўна, першы — гэта выбарчая кампанія. Значыць, і фальсіфікацыі плануюць грандыёзныя. А хто, як ні «Хартыя», надрукуе ўсё датычнае гэтай тэмы? А чытачы яшчэ й косткі ў каментах паабсмоктваюць. І гэта чынавенству зусім не можа падабацца.


Другі факт, які я бачу, — палітыка Захаду на збліжэнне з афіцыйным Мінскам. Папросту парушэнне дэмакратычных свабод і грамадзянскіх правоў працягваецца дагэтуль. А тыя, хто пайшоў на саступкі не заўважылі гэты момант. І таму цяпер улады робяць, што хочуць.

Яшчэ адна падстава — вяртанне беспрацоўным незаконна адабраных грошаў. Гэта пра ўсё той жа дэкрэт № 3. І прыкрылі доступ да «Хатыі» якраз перад выхадам чарговага дэкрэта. Нагадаю, 24 судзеня блакуюць сайт, а 25-га Лукашэнка падпісвае дэкрэт № 1. І колькі ж можна было стварыць шуму на гэтую тэму? На адных тольк інэрв’ю… З тымі, каму вярнулі грошы, хто падпадае пад новы дэкрэт, аналітыка, меркаванні… Як жа чыноўнікі могуць сцярпець такое? Толькі «бан».

Версіяў можа быць шмат. Але ж як факт: заўтра выбары, а «Хартыя» яшчэ заблакаваная. Ні аб якой свабодзе слова даўно не прыпадае казаць. Але ўзнікае пытанне, што задумаў рэжым?

Яўген Глаголеў-Васьковіч

Якія выбары? Вы ў Беларусі 12.02.2018

Ужо заўтра, 13 лютага, пачынаецца працэс выбараў. Аднак Малады Фронт мяркуе, што гэта чарговая фальсіфікацыя. Нават калі кагосьці з апазіцыянераў і прызначаць, гэта роўна нічога не зменіць.

Толькі паглядзіце, колькі ідзець дырэктароў і чынавенства. А ў спарынг-партнёры былы міліцэйскі начальнік Гайдукевіч ставіць былых крымінальнікаў. З адной, двума і болей судзімасцямі. Куды на такім кантрасце дзецца простаму апазіцыянеру?


У сваю чаргу Малады Фронт прапанаваў выкарыстаць кампанію. Збярыце подпісы за беларускамоўны ўіверсітэт. Гэта нясе карысць беларускай незалежнасці і дабрабыту.

Аднак можна і па-іншаму скарыстаць «выбары». Хтосьці прыцягне ўвагу да мясцовых праблем. Іншы збяре подпісы за што-небудзь. А некаторыя — зафіксуюць чарговае парушэнне заканадаўства.

На іншае спадзявацца не прыпадае. Штораз адны парушаюць закон, аб гэтым гучна заяўляюць другія. Але ўжо больш за чвэрць стагоддзя сітуацыя не мяняецца. Можа, варта памяняць прыярытэты?

Яўген Глаголеў-Васьковіч

Маладафронтаўцы робяць #добрыясправы 11.02.2018

Пад такім хэштэгам #добрыясправы маладафронтаўцы робяць дабро. Нагадаем, што ў студзені прайшоў наш дабрачынны спектакль. На ім былі сабраныя сродкі для дзіцячага дому. Але ж збор на гэтым не скончыўся…

Больш за тыдзень мы працягвалі збіраць рэчы. І нарэшце, «Слуцкі спецыяльны дом дзіцяці» атрымаў неабходную дапамогу. Адвозілі дапамогу, сярод іншых, чальцы Сойму МФ Хрысціна Самойлава (іныцыятар акцыі) і Ягор Лаўрухін.

«Дзякуючы Салігорскаму сямейнаму цэнтру «Мілея», Слуцкай краме «Пачастунак з Ваўкавыска», 19-ай Мінскай гімназіі і ўсім, усім добрым і неабыякавым людзям, мы сабралi неверагодна вялікую колькасць рэчаў (памперсы, сродкі гігіены, адзенне, цацкі). Сёння мы з задавальненнем адвезлі прыкладна палову ўсяго у Слуцкі спецыялізаваны дом дзіцяці, а ў бліжэйшы час астатнюю палову рэчаў адвязем ў Івянецкі дом-iнтернат. Вялiкi дзякуй усім, ад нашай каманды, ад супрацоўнікаў дзіцячага дома і ад дзетак! #mf #добрыясправы», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook Хрысціна Самойлава.

Прэсавая служба Маладога Фронта

Прэч ідэалогію з яе ідэолагамі 30.01.2018

У ХХ-м стагоддзі ідэалогія праявіла сябе, як варожая з’ява. Менавіта тады выкрылася ўся сутнасць падзелу людзей па розных прызнаках. «Калі ты ліберал/кансерватар, нам не па дарозе». Прыкладна такім чынам дзейнічае ідэалогія. Чаму гэта дрэнна? Як пазбегчы ідэалагізацыі?..

Адразу вызначымся з паняткам. Ідэалогія — гэта комплекс усёабдымных і ўнутрана звязаных адну з адной ідэй. У адпаведнасці з імі ўсякая сацыяльная група ўспрымае і ацэньвае свет. Ідэалогія павінна даваць: а) тлумачэнне, якім чынам тыя ці іншыя рэчы сталі такімі, якімі яны ёсць; б) указанне накірунка развіцця гэтых з’яў (інструкцыя да дзеяння); в) крытэрыі адрознення праўды ад хлусні, дзейсных аргументаў і неістотных.

Першае, што кідаецца ў вочы — абгрунтаванне перавагі аднаго комплекса ідэй над другім. Напрыклад, існуюць такія пары: капіталізм — камунізм, улада — анархія, кансерватызм — лібералізм і гэтак далей. Прыхільнікі ўсіх гэтых ідэалогій узвышаюць свой светапогляд над астатнімі. І гісторыя прад’яўляе нам шмат прыкладаў. Прыгадайце фашызм, які часта з’яўляецца крайняй формай ідэалогіі нацыяналізму.

З-за барацьбы ідэйных праціўнікаў у ХХ-м стагоддзі адбыліся дзве сусветныя вайны. Дый шмат розных канфліктаў узнікала менавіта на гэтай глебе. А ўсё таму, што ідэалогія сама праз сабе нясе варожасць. Яна дае пастулат, што ёсць такія з’явы, якія трэба вынішчаць. Напрыклад, камунізм прадугледжвае вынішчэнне прыватнай уласнасці. І мы бачылі, як гэта ажыцяўлялася ў Савецкім Саюзе.

Прыкладна, такім чынам выглядае ідэалагічная вайна.

Што можа дапамагчы пазбавіцца лятальнага ўплыву гэтай з’явы? Сістэма каштоўнасцяў. Гэта сукупнасць сфармаваных у людзей меркаванняў пра значэнне ў іхнім жыцці рэчаў і з’яў, якія сустракаюцца ў прыродзе і грамадстве. У адрозненні ад ідэалогіі каштоўнасці ўскладаюць адказнасць на індывідуум. Напрыклад, возьмем такую каштоўнасць, як «мужнасць». Ёсць мужныя абаронцы сваёй айчыны і таксама — агрэсары. Можна мужна абараняць сям’ю ад хуліганаў, а можна быць мужным бандытам.

То бок тое, якім чынам індывід ажыццяўляе свае каштоўнасці, ускладае на яго поўную адказнасць за зробленае. Таму калі з’яўляецца варожасць, то прычына не ў сістэме светапогляду. Таму каштоўнасці дысцыплінуюць людзей. Яны ўскладаюць на кожнага абавязак адказнасці. А гэта цягне за сабой іншыя прыемныя наступствы.

Яўген Глаголеў-Васьковіч

Першая афіцыйная прамова старшыні Маладога Фронта Яўгена Глаголеў-Васьковіча 15.01.2018

Шаноўнае спадарства! Мы маем цярплівасць і ўмеем слугаваць. Разам мы можам змяніць свет да лепшага. Для дэмакратычнага згуртавання Беларусі надышлі цяжкія часы. Бо наш шлях да дабрабыту Айчыны зацягнуўся. Мы вельмі безадказна ставіліся да свайго паклікання. Доўгі час мы лічылі сябе галоўнаю меркаю каштоўнасцяў нашага народу. І пры гэтым забываліся на сваё слугаванне. Мы празмерна жадалі атрымаць дарунак за сваю прынцыповую палітычную пазіцыю. Але мы забыліся пра пошук славы, гонару й бессмяротнасці ў добрых дзеях. Аднак мы ведаем, што выпрабаванне робіцца цярплівасцю. А цярплівасць павінна мець дасканалае дзеянне. Тады мы будзем дасканалымі ва ўсёй паўнаце, без нікай пахібы. Толькі так мы пераможам.

Яўген Глаголеў-Васьковіч і Зміцер Дашкевіч (справа)

У «Маладога Фронта» было разуменне, што неабходна мяняць падыход да палітычнай дзейнасці. Аднак мы не ведалі, як гэта ажыццявіць. Цяпер мы гэта можам. Мы зразумелі, што нашыя каштоўнасці значна больш важныя за ідэалагічныя перавагі. І адна з іх -трывуча слугаваць на карысць Айчыны.

Сапраўды, каштоўнасці нашыя вялікія. Яны ўваходзяць у душу назаўжды. І таму няма былых «маладафронтаўцаў». Нават калі кожны з нас рассеіцца па ўсім свеце. Нават тады мы адзінае цэлае. Бо «Малады Фронт» — міжнароднае аб’яднанне. Яно мае багатую гісторю. За гэты час адбылося шмат чаго. Аднак нязменным застаецца спрадвечны прынцып: Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць.

І вось я, Яўген Глаголеў-Васьковіч, урачыста заяўляю, што буду добрасумленна выконваць абавязкі старшыні «Маладога Фронту». У поўнай меры маіх сілаў буду падтрымліваць, ахоўваць і абараняць Каштоўнасці аргаізацыі.

Таксама хачу паведаміць пра нашае бачанне Беларусі ў геапалітчнай прасторы. Склалася так, што народы паміж Чорным і Балтыйскім марамі маюць гістарычную супольнасць. Таму мы бачым развіццё нашай краіны ў ручве аб’днання дзяржаў дадзенага рэгіёна. Да гэтага мы прыкладаем максімум намаганняў.

Ажыцяўляючы палітычную дзейнасць, мы займелі ўласныя традыцыі й прынцыпы. І яны добра адлюстраваныя ў наступных словах:

Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
(Адкрыццё, 3:20)
Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
(ад Марка, 10:43–45)

Мы верым, што Бог кiруе сусветам у адпаведнасцi са сваiм намерам. Мы маем толькi выбар: выконваць Ягоную волю альбо супрацiўляцца ёй. I Пан вядзе за сабой таго, хто Яму падпарадкоўваецца. А таго, хто супрацiўляецца, Ён цягне за сабой. Але так цi iнакш, волю Ягоную выконваюць усе.

Хачу сказаць, што «маладафронтавец» — гэта прыклад бездакорнага палiтыка. Таму мы павiнны адпавядаць ускладзенаму на нас паклiканню. I няхай каштоўнасцi «Маладога Фронту» будуць паўсюль, дзе ёсць кожны з нас.

Сцяг з подпісамі байцоў АТА

Таксама варта адзначыць, што цэлы арганiзм — нiшто без усiх складаючых яго частак. I калi адна з iх хворая, то хворы ўвесь арганiзм. Таму можна ўпэўнена сказаць: гонар асобы — дабрабыт грамадства.

Кожны з нас кувае агульную перамогу. Мы зноў станем магутнай арганiзацыяй. Да нас, як i раней, будуць прыслухоўвацца на нацыянальным i мiжнародным узроўнях. I мы зноўку ўзвысiм праўду!

I калi ўжо ёсць на тое воля Божая — «Малады Фронт» iзноў на чале беларускай палiтыкi.

Старшыня МФ, Яўген Глаголеў-Васьковіч

«Бардзюр, што Эвэрэст» 10.04.2017

Бабруйскія актывісты «Нашага Дому» правялі пэрфоманс «Бардзюр, што Эвэрэст». Яны прайшлі зь дзіцячым вазком з пункту «А» ў пункт «Б». А гэта значыць — ад прыпынку «18-ая школа», што на Менскае вуліцы, да гарадзкое бальніцы імя Марзона.

Мэта акцыі — адлюстраваць недаступнасьць для грамадзянаў найбольш кароткіх маршрутаў пераходу ў цэнтры гораду. Прычым грамадзянаў, у каторых ёсьць цяжкасьці зь перасоўваньнем. І тое, што быў выкарыстаны менавіта дзіцячы вазок зь немаўляткам у ім... Гэта паказвае шырыню людзей, каторых кранае такая праблема. І, як апынулася, пытаньне цяжкасьці перасоўваньня паўстае ня толькі перад інвалідамі-вазочнікамі.

Сустракалася шмат высокіх бардзюраў. Гэта вымушала, часам, ісьці на праезную частку. Канешне, калі перасоўваецца мужчына, то такіх выпадкаў меней. Аднак не заўжды жанчыны могуць скарыстацца такою дапамогаю. Вось і паўстае тады пытаньне, што больш бясьпечна?.. Караскацца на празьмерна высокі бардзюр? Ёсьць рызыка перакульваньня вазка. Ісьці па праезнае частцы? Верагоднасьць патрапіць пад колы аўтамабіля.

У выніку, зь невялічкімі прыгодамі, актывісты «Нашага Дому» дасягнулі мэты. Ля цэнтральнага ўваходу ў бальніцу былі больш, чым праз гадзіну. Дзіцячы вазок не разваліўся. Немаўлятка цэлае (крыху хныкала ад трасеньня). Самі актывісты — крыху стомленыя.


Фота з пэрфомансу можна прагледзець па дадзеных спасылках:
1) Пачатак
2) Вялізарны бардзюр
3) Небясьпечная вандроўка
4) Хто зьеў асфальт?
5) Фініш!..


чытаць іншыя навіны

Яўген Васьковіч