АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Пенсійная рэформа ЧС-2018 Змены ў КК Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Часы мяняюцца. Ідэалогіі перашкаджаюць грамадству

Амаль чвэрць стагоддзя ў Беларусі ідзець неспынная барацьба. Актыўнае грамадства супрацьстаіць дзеючай уладзе. Пераможцам, аднак, у большасці выпадкаў становяцца тыя, хто на вяршыні. На маю думку, уся справа ў ідэалогіях.
За апошні час можна было ўбачыць шмат баталіяў у атачэнні апазіцыі. Усіх хвалявалі то пытанне фармату Дня Волі, то стаўленне да ЛГБТ. Не хачу кранаць абедзве тэмы. Лепш пагамонім аб прычынах варожасці.
Я бачу іх карані ў ідэалогіях. Вось, да прыкладу, сп. Спарышу прыгадваюць у спрэчках, што ён быў камуністам. Ганне Смілевіч кажуць, што яна кансерватарка, таму і «ўсе вы такія». І насамрэч, у абодвух выпадках ідэалагічны ўплыў вельмі добра прасочваецца. Аднак справа не ў людзях, Дакладней, не зусім у іх. Справа ў ідэалогіях. Прычым не мае значэння, якія менавіта. Усякая сістэма ідэй заўжды грунтуецца на вобразах «свой — чужы». Пры гэтым, дадзеная з’ява бярэ ўсю адказнасць за падзеі, якія развіваюцца пасля сутыкнення з чымсьці, на сябе. Таму да яе лепіцца ў роўнай ступені ўсё добрае і ўсё дрэннае. А потым, як нейкі вірус, гэтае ўсё лепіцца і да пэўных людзей. Пасля чаго стварае не толькі вонкавае ўяўленне аб чалавеку, але й яго асабісты светапогляд фармуецца пад гэтым уплывам.


У чым вялікі мінус ідэалогій — гэта ў перакладанні адказнасці за дзеянні з чалавека на абстракцыю. І тут адразу трэба крыху захапіць выйсце з праблемы. Каштоўнасці ускладаюць усю адказнасць якраз на асобу. Напрыклад, можна храбра абараняць сваю сям’ю ад хуліганаў і таксама — быць храбрым бандытам. У выпадку каштоўнасці 'храбрасць' адказнасць за ўчынкі цалкам кладзецца на людзей. У ідэалогіях няма гэтага. Заўжды можна сказаць, што капіталіст з’яўляецца ворагам для камуніста проста з-за палярнасці ідэй абодвух бакоў. А калі ёсць вораг, то прысутнічае і спакуса знішчыць яго. Апагеем ідэалагічных палярнасцяў і войнаў стала ХХ-е стагоддзе. Першая, Другая сусветная, Халодная войны яскрава паказалі нянавісць, якую фарміруе кожная сістэма ідэй. Гэта спаборніцтва, у якім перамагчы можа толькі адзін. Астатнім наканавана быць пераможанымі й растаптанымі. І тое, які вы чалавек — добры, злы — не грае зусім ніякай ролі. Галоўнае — перамагчы ў ідэалагічных войнах.

06.06.18 7:28

Яўген Васьковіч