АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі ад гепатыту С пачалі лячыць бясплатна. У праграме ўжо каля 2 тысяч чалавек

У Беларусі каля двух тысяч хворых гепатытам С лечацца бясплатна, таксама за кошт сродкаў дзяржавы атрымліваюць лекі 70% ВІЧ-пазітыўных беларусаў. 

Пра гэта сёння журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры распавяла Алена Богдан, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя.

— У 2018 годзе ў Беларусі пачата лячэнне гепатыту С за кошт сродкаў бюджэту. Сёння ў праграму ўключана каля двух тысяч пацыентаў, і мы падрыхтавалі наступную заяўку на чатыры тысячы пацыентаў. Лекі супраць гепатыту С айчыннай вытворчасці. Тое, што яны вырабляюцца ў нашай краіне, дазволіла атрымаць дастаткова нізкія цэны, — адзначыла Алена Богдан.

— Лячэнне гепатыту С у больш чым 96% выпадкаў прыводзіць да поўнага вылечвання, вірус знікае. Гэта эканамічна вельмі выгадна, таму што гэты чалавек не захворвае ў будучыні на цыроз і на рак печані, і не перадае вірус гепатыту С іншым, — дадаў Вячаслаў Гранько, каардынатар праграм СААЗ у Беларусі па інфекцыйных захворваннях.

Сёння ў Беларусі больш за 30 тысяч хворых гепатытам С.

— Мы адзіная краіна ў свеце, якая пачала лячэнне гепатыту С за кошт бюджэту. Часта прыводзяць прыклад Грузіі, але яна правяла гэтую праграму за кошт донарскіх сродкаў вытворцы арыгінальнага прэпарата супраць гепатыту С. Мы пайшлі іншым шляхам і зрабілі гэта за кошт сваіх сродкаў, — адзначыла Алена Богдан.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя дадала, што таксама ў краіне сёння больш за 70% ВІЧ-пазітыўных беларусаў ахоплены лячэннем айчыннымі лекамі за кошт дзяржбюджэту.

— Напэўна, гадоў сем-восем таму кошт лячэння аднаго пацыента (ВІЧ-пазітыўнага. — Заўвага. TUT.BY) абыходзілася ў суму каля 30-40 тысяч долараў. Гэта трохмесячныя або шасцімесячныя курсы лячэння. Пасля таго як вытворчасць лекаў з'явілася ў Беларусі, мы атрымалі кошт лячэння аднаго пацыента ў раёне каля 800-900 даляраў. Сёння ў нас ёсць вытворчасць па поўным цыкле гэтых лекаў, — адзначыла яна.

TUT.by.
13.06.2018 08:17


Загрузка...
Загрузка...