АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Алексіевіч пра Курапаты: Гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана

«Поўнае падзеньне грамадзтва» — так называе нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры (2015) Сьвятлана Алексіевіч зьяўленьне рэстарацыі на месцы масавых расстрэлаў.

Алексіевіч пра Курапаты: Гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана
«Мяне не пакідае вобраз міністра Шуневіча ў форме НКВД. Я зразумела глыбіню падзеньня нашай улады. Я думаю, Шуневіч не чытаў ані Салжаніцына, ані Шаламава, і паняцьця пра гэта ня мае. Па-другое, я зразумела, што паколькі толькі маладыя абараняюць наш гонар, у тым ліку і ў Курапатах, гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана», — кажа Сьвятлана Алексіевіч на просьбу радыё Свабода пракамэнтаваць сытуацыю з пратэстамі вакол адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим».

«Калі ўжо гэты рэстаран (адкрыўся. — РС), то гэта абсалютнае падзеньне грамадзтва, — кажа нобэлеўская ляўрэатка. — Думаю, дазволіла ім гэта высокая ўлада. Як мы ведаем, у гэтай краіне дах ніхто не парамантуе без высокага дазволу. Так што там цёмныя зусім справы. І гэтая адміністратарка (Сьвятлана Дубкова, адміністратарка рэстарана, у камэнтарах да артыкула РС назвала пратэстоўцаў „збродам“. — РС), непісьменная жанчына, якая сказала, што „гэта людзі, якія супраць улады“».

Сьвятлана Алексіевіч лічыць, што ўсё грамадзтва нясе адказнасьць за гэта.

«Можна казаць і пра нашу ўласную адказнасьць, кожнага з нас. Мы гэта дазволілі. Чаму грамадзтва маўчыць? У любой эўрапейскай краіне былі б сотні тысяч на вуліцах», — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

«Яны хочуць паставіць камень у Курапатах, — рэагуе Сьвятлана Алексіевіч на ініцыятыву ўлады ўсталяваць у Курапатах афіцыйны мэмарыял. — І ім здаецца, што такім чынам яны атрымаюць індульгенцыю на тое, каб усё гэта паўтарылася ізноў».

13.06.2018 11:17


Загрузка...
Загрузка...