АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

На кіраўнікоў недзяржаўнага Інстытуту матэматыкі і кібэрнэтыкі завялі крымінальную справу

На кіраўнікоў і сяброў прыватнай навучальнай установы «Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі» завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведаміў дырэктар інстытуту Павал Бука, у кватэры якога сьледчыя павялі ператрус.

«Абвясьцілі, што справу завялі ў сакавіку, а да таго была праверка. Нам ставяць у віну адукацыйную дзейнасьць без рэгістрацыі і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць зь нясплатай падаткаў ажно на 30 тысяч рублёў. Зноў пачалі цягаць на допыты лектараў і навучэнцаў, вось і ў маёй кватэры правялі ператрус. Нічога не забралі, але робяць усё, каб знайсьці хоць якія доказы нашай віны. Раней нават праектар забіралі для праверкі. Але мы настойваем, што працавалі законна, бо гэта замежная навучальная ўстанова, і ўсе дакумэнты ў нас спраўныя», — распавёў Свабодзе Павал Бука.

Інстытут матэматыкі і кібэрнэтыкі быў зарэгістраваны ва Ўкраіне, плату за навучаньне ў ім ня бралі, сьцьвярджае Павал Бука. Выкладаньне вядзецца па-беларуску, навучэнцы наведваюць вольныя лекцыі.

У інстытуце навучалася некалькі дзясяткаў чалавек. Але ў траўні мінулага году вучэбны працэс быў спынены. Напярэдадні працай інстытуту зацікавіліся сьледчыя з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю, выкладчыкаў і навучэнцаў курсу праграмаваньня пачалі выклікаць на размовы. Цягам амаль году цягнулася праверка, якая, як цяпер высьветлілася, прывяла да крымінальнай справы.

«Пры гэтым нам за год тройчы дасылалі лісты, у якіх паведамлялі, што ў нашых дзеяньнях няма складу злачынства», — адзначае Павал Бука.

15:32 13/06/2018


Загрузка...
Загрузка...