Калі б я быў грантадаўцам

Калі б я быў грантадаўцам і атрымаў бы заяўку на даследніцкі праект, і ў гэтай заяўцы было б сказана, што "Даследаванне прывядзе да такіх-і-такіх зменаў у грамадстве", то адразу ж адкінуў бы такую заяўку і далей не чытаў бы. Бо гэта азначае адно з двух: альбо аўтар заяўкі - рэлігійны фанатык, альбо ён проста махляр.

Ёсць дзве ўніверсальныя аксіёмы наконт даследавання:

1) Мы ніколі не можам ведаць, да якіх вынікаў даследаванне прывядзе. На тое яно і даследаванне, каб даведацца нешта, чаго раней не ведалі.

2) Калі ўжо ёсць вынікі даследаванняў, то немагчыма прадказаць, як яны будуць выкарыстаны палітыкамі ці актывістамі. За выключэннем таталітарных грамадстваў, вынікі даследаванняў заўсёды трапляюць на "рынак ідэй", дзе "спажыўцы" прымаюць суб'ектыўныя і сітуацыйныя рашэнні. Гэта значыць, што нават звыш-якасны даследніцкі прадукт не ёсць гарантыяй, што ён будзе "куплены" мэтавай групай.

Калі даследаванне сапраўды мае быць вартасным, то на старце мы не можам ведаць аб яго выніках. Калі грамадства нетаталітарнае, то мы не можам ведаць, як вынікі даследавання паўплываюць на грамадскія працэсы. У звязку з гэтым найбольш здзіўляюць мяне тыя эксперты-заяўнікі, каторыя ў адным абзацы заяўляюць, што будуць спрыяць "плюралізму і дэмакратыі", а ў наступным -  што планаванае імі даследаванне прывядзе да такіх і такіх зменаў. Калі мы спрыяем плюралізму і дэмакратыі, то тым самым падпісваемся пад тым, што вынікі нашага даследавання (нават геніяльнага) могуць быць зыгнараваны палітыкатворцамі і грамадскай думкай.

Такім чынам, абяцанне "змяніць грамадства/дзяржаву/эканоміку" шляхам даследаванняў - гэта пустая рыторыка. Тое, што даследаванні аказваюць вялікі ўплыў на грамадскія змены - гэта так. Але тое, што мы можам прадказаць напрамак і тэрмінаж гэтых зменаў - гэта лухта.


17.04.18 10:55

Петр Рудковский