Пра культ інфармацыі

Паўсюль чуваць пастулат: больш інфармацыі. І напамін: каб прымаць разумныя рашэнні, вам патрэбна інфармацыя, шмат інфармацыі і яшчэ больш. І нараканні: эксперты замала даюць палітыкам інфармацыі, замала бізнэсоўцам, актывістам... І яшчэ нараканні: палітыкі ігнаруюць інфармацыю, чыноўнікі не зацікаўлены ў інфармацыі...

Баюся, што інфармацыя ператвараецца ў самамэту. У звязку з гэтым дзве рэфлексіі.

Па-першае, інфармацыя можа быць звычайным смеццем, калі яе спажывец не валодае навыкамі яе перапрацоўкі. Менш ежы + добры страўнік - гэта нашмат лепш, чым шмат ежы + кепскі страўнік. Нешта падобнае і тут. Без добра развітых навыкаў крытычнага мыслення (то бок, спосабаў перапрацоўкі інфармацыі) куча дадзеных будзе... проста кучай.

Па-другое, гэта няпраўда, што чым больш інфармацыі, тым лепшыя рашэнні. Кагнітывісты ўжо даўно гэта спрабуюць растлумачыць. Многія эканамісты і бізнэсоўцы гэта таксама ведаюць. Forbes не раз уздымаў гэту тэму. Герт Гігерэнцэр (кагнітывіст ці эканаміст, не помню) паўтарае, што марай практыка не ёсць займець мноства опцый, яго мара - займець добрую опцыю. Вялікая колькасць дадзеных рэдка павялічвае шанцы знайсці добрае рашэнне, бо практык прымае рашэнні ва ўмовах дэфіцыту часу і энэргіі. Нездарма год таму Насім Талеб заклікаў беларусаў: калі хочаце быць паспяховымі, то не губляйце час на экспертызы, а бярыцеся за працу і рабіце памылкі. Ну, не так дакладна, але сэнс быў такі.

Таму не падзяляю гэтага паўсюднага культу інфармацыі.

07.06.18 10:04

Петр Рудковский