Апошні бой маёра Лукашэнкі

Скандальная заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што эканамічныя праблемы могуць прывесьці ажно да магчымага ўваходу ў склад нейкай (цікава, якой?) замежнай дзяржавы, добра ілюструе беларускую мадэль кіраваньня: мадэль, пабудаваную на неэфэктыўнасьці і стрэсе, калі простае выкананьне базавай задачы зьяўляецца гераічным подзьвігам і патрабуе звышвысілкаў.

Здавалася б, чаму адразу аддаваць незалежнасьць? Чаму адразу “будуць выціраць ногі”? Ніякай вайны не ідзе, мірны час, штатная сытуацыя.

Але справа ў тым, што ў дэмакратычных краінах калі палітыкі не даюць рады з эканомікай, іх звычайна чакае проста параза на наступных выбарах або датэрміновая адстаўка (у горшым выпадку, якаясь ганебная). Пасьля яе можна адправіцца на паўгадкі ў адпачынак, а потым напісаць кніжку і чытаць лекцыі, а можа і рыхтавацца да рэваншу.

Пры аўтарытарным рэжыме кіраўнікі звычайна рызыкуюць нашмат большым: як мінімум свабодай, як максімум - жыцьцём.

Тое ж самае з краінамі, якія маюць нармалёвыя ўзважаныя адносіны з усімі сваімі суседзямі, удзельнічаюць у эўрапейскай інтэграцыі (для чаго, праўда, трэба праводзіць дэмакратычныя выбары і паважаць правы чалавека): іхныя эканамічныя праблемы не прывядуць да страты незалежнасьці. А ў недэмакратычнай Беларусі, якая заслужана застаецца ізгоем у Эўропе, пэрспэктыва страты незалежнасьці - цалкам рэальная.

А. Лукашэнка нездарма на раньнім этапе свайго кіраваньня хваліў Адольфа Гітлера (знакамітае “не все только было плохое связано в Германии и с известным Адольфом Гитлером” ). У “Маёй барацьбе” Гітлер крытыкаваў дэмакратыю, калі палітыкі адказваюць перад выбарцамі і маніпулююць імі. Ён простым тэкстам выступаў апалягетам дыктатуры, каб чыноўнікі адказвалі не перад народам, а перад дыктатарам, якога яны б баяліся і які б строга іх кантраляваў.

Менавіта такую антылібэральную і антыдэмакратычную гітлераўскую, як ні круці, сыстэму пэрсаналісцкай дзяржаўнай улады Лукашэнка выбудаваў у Беларусі:

- Сыстэма ня можа дапускаць самарэгуляваньня на ніжэйшых узроўнях: усё павінна кантралявацца і кіравацца зьверху;

- Адпаведна, ня можа быць ініцыятывы зьнізу, можа быць толькі выкананьне прыказаў зьверху;

- Ідзе адмоўная сэлекцыя і працаваць застаюцца найменш здатныя: таленавітыя людзі любяць выконваць прыказы нашмат менш, чым думаць сваёй галавой і выпрацоўваць рашэньні;

- Няздатныя людзі працуюць дрэнна, дыктатар злуецца, спрабуе падсьцёгваць іх, "ператрахіваць" і лаяць, як толькі можа. Адсюль уся гэтая мілітарысцкая мабілізацыйная рыторыка пры абмеркаваньні пытаньняў эканомікі.

Але ўсё гэта марна. Беларуская эканамічная сыстэма без рэформаў і без рашучай лібэралізацыі (а значыцца, урэшце, без абароны правоў уласнасьці, незалежнага суду і дэмакратызацыі) не жыцьцяздольная і не эфэктыўная. І дабіцца якогась выніку ў рамках састарэлай нэасавецкай сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня будзе немагчыма. А рэфармаваць яе стары беларускі прэзыдэнт ня ў стане ў сілу ўзроста, сьветапогляда і ўсяго, што мы пра яго ведаем.

Таму трэба рыхтавацца, што аднойчы чарговы бой маёра Лукашэнкі за беларускую эканоміку можа апынуцца апошнім. Каб толькі ён ня быў апошнім і для Беларусі.

27.06.18 0:45

Алесь Чайчыц